Спартова-музычная групоўка Moby Dick працягвае ствараць сваю крэатыўную ідэнтычнасць. За колькі дзён да Новага года на першым паверсе былога заводскага будынка па Кастрычніцкай, 16 адчынілася не трэнажорка і не байцоўскі клуб, а нечакана – вакенца кавярні Moby Dick Caffe.

Ідэя падаваць каву наведнікам спартыўнай залы саспела ў Аляксандра Яфімава і Аганэса Аванесяна, адных з заснавальнікаў трэнажоркі, ужо даўно. Многія з кліентаў любяць узбадзёрыцца гэтым напоем перад трэніроўкай ці пасля яе, надаць рашучасці сваёй матывацыі, так бы мовіць. Дадатковым штуршком стала партнёрства з фестывалем Vulica Brasil, пасля якога перад будынкам з’явіўся парклет – зона для адпачынку з лаўкамі замест парковачнага месца. У рэшце рэшт зімой было ўладкавана і памяшканне з вакенцам вонкі. З канца снежня мінакі могуць узяць гарачую каву з сабой па дарозе да метро, а ўжо летам і прыгрэцца за столікамі ды паслухаць жывыя выступы музыкаў.

Гарачая кава з сабой

«Калі эспрэса павінен утрымліваць 17 грам кавы, ён будзе іх утрымліваць»

Аляксандр і Аганэс частуюць мяне латэ і распавядаюць пра канкурэнтаздольнасць свайго прадукту. У майго напою сапраўды насычаны і выразны смак. «Справа ў тым, што ўся тэхналогія прыгатавання вывераная да дробязяў. Ёсць секундамер, ёсць шалі, не можа быць ніякага вымярэння на вока, бо вока можа памыліцца. Калі эспрэса павінен утрымліваць 17 грам кавы, ён будзе іх утрымліваць», – кажа Аганэс.

Дызайн кавярні, як і дызайн спартовай залі, заснавальнікі прыдумлялі самі, імкнучыся пры гэтым захаваць агульны выгляд памяшканняў: «Гэты будынак, як і ўся Кастрычніцкая, сам дыктуе стыль. Вытрыманы, можа, нават балтыйскі – мы не хацелі ляпіць гарбатага. У будучыні хочам аформіць хол у эстэтыцы 70-х, бо гэты ж інжынерны корпус з тых часоў. Навошта неяк перакручваць, калі яно ўжо такое? Трэба проста давесці да адзінага стылю».

Насычаны смак напою

Праз нейкі час да размовы далучаецца Яўген Пінчукоў, адзін з заснавальнікаў Kitchen Coffee Roasters, адкуль цяпер бярэ свежаабсмажанае зерне і Moby Dick Caffe. Яўген, які летась перамог у конкурсе на лепшага беларускага барыста, кажа, што толькі ў яго Аганэс і Аляксандр паспрабавалі каля васьмі розных гатункаў кавы і яшчэ па некалькі – у іншых менскіх ростэраў. Выбар спынілі на адным з монасартоў арабікі – Эфіопіі Сідама, незвычайны смак якой кампанія імкнецца падкрэсліць з дапамогай адмысловага абсмажвання.

«Мне спадабалася, што, з аднаго боку, хлопцы – бізнэсоўцы, з іншага – творчыя людзі. Можа, яны пакуль і не вельмі добра разбіраюцца ў каве, але яны давяраюць сваім адчуванням, водару, смаку, калі выбіраюць. А мы ўжо стараемся нешта расказаць пра той ці іншы гатунак. Я атрымаў вялікую асалоду ад нашых сумесных пробаў»,

прызнаецца Яўген.